РЭСПУБЛІКА́НСКІ ТЭА́ТР БЕЛАРУ́СКАЙ ДРАМАТУРГІ́І Створаны ў снеж. 1990 у Мінску як падраздзяленне Бел.т-ра імя Я.Купалы па рабоце з.драматургамі. З 1993 атрымаў статус рэсп.т-ра і сучасную назву. Заснавальнік і першы маст. кіраўнік т-ра В.Мазынскі. З вер. 2000 т-р узначальвае В.Анісенка.
Гал. мастак В.Цімафееў (да 2000). З вер. 1994 працуе з пастаяннай трупай, сфарміраванай з выпускнікоў акцёрскага аддзялення Бел.АМ (маст. кіраўнік Мазынскі). Спектаклі ідуць на бел. мове. Першы спектакль — «Ку-ку» М.Арахоўскага. Т-р аддае перавагу творам пачынаючых драматургаў, у рабоце з якімі выкарыстоўваюцца індывідуальныя формы, праводзяцца семінары, сцэн. чытанні п’ес па ролях і інш.Найб. ўвагу надае фарміраванню бел. рэпертуару: «Барбара Радзівіл» Р.Баравіковай, «Галава» І.Сідарука, «Нагавіцы святога Георгія» і «Чорны квадрат» М.Клімковіча і М.Адамчыка, «Паваліўся нехта» У.Галубка і Л.Родзевіча, «Містэр Розыгрыш» С.Кандрашова, «Пеўчыя» Г.Марчука, «Заложніца кахання» і «Стомлены д’ябал» С.Кавалёва, «Дзіця з Віфлеема» М.Пінігіна, «Апошняя пастараль» А.Адамовіча, «Развітанне з Радзімай» А.Паповай і інш. Сярод твораў рус. і замежнай класікі: «Рычард III» і «Макбет» У.Шэкспіра, «Лекар паняволі» Мальера, «Узлёт Артура Уі, які можна было спыніць...» Б.Брэхта, «Шампань-скага!» паводле А.Чэхава («Прапанова», «Юбілей») і інш. Рэпертуар вызначаецца жанравай разнастайнасцю: фарс-абсурд, камедыя жахаў, паэт. драма, прытча, сцэны з рыцарскіх часоў, фарс-рэпетыцыя; асветніцкі спектакль для старэйшых школьнікаў («Бог Дыяніс — тэатра Бог» — І.Чаркаса). Спектаклі ставілі і ставяць рэжысёры А.Гарцуеў, А.Гузій, М.Дзінаў (Гавядзінаў), У.Осіпаў, Пінігін, В.Растрыжэнкаў, Т.Сулімава, Р.Таліпаў. Значны ўклад у дзейнасць т-ра Т.Мархель.
І.І.Чаркас.
Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. Сцэна са спектакля «Апошняя пастараль» А.Адамовіча.Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. Сцэна са спектакля «Галава» І.Сідарука.Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. Сцэна са спектакля «Стомлены д’ябал» С.Кавалёва.